Біяграфія
Някрасаў Альберт Васільевіч (20.04.1937, в. Красавіна Верхаважскага р-на Валагодскай вобл., Расія – 22.09.1992, г. Віцебск), беларускі мастак. Скончыў Яраслаўскае мастацкае вучылішча (1959), Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай (манументальнае аддзяленне) (1965). Выкладаў на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1965–1977), на аддзяленні мастацкага канструявання вырабаў лёгкай прамысловасці Віцебскага тэхналагічнага інстытута (1977–1992). Член Беларускага саюза мастакоў (1972).
Працаваў у станковым і манументальным жывапісе, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Творам уласцівыя рамантычнасць, лаканізм, дэкаратыўная абагульненасць формаў, стрыманая маляўнічая гама.
Сярод работ: «Ніна» (1969), «У асеннім парку» (1971), «Партрэт маці» (1976), «Бацькоўскі край» (1981); пейзажы «Вечар на рацэ» (1979), «Светлы дзень» (1981), «Восень» (1982), «Зіма прыйшла» (1983), «Першы снег» (1983) і інш.
Аўтар манументальных роспісаў «Этапы вялікага шляху» (1967, будынак ПТВ № 19, г. Віцебск), «Чалавек і прырода» (1980, вытворчы корпус фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі», г. Віцебск ), мазаік «Дзяцінства » (1973, СШ № 4, г. Наваполацк), «Флора і фаўна» (1974, санаторый «Лётцы» Віцебскага р-на), вітражоў «Перамога (1979, СШ № 25, г. Віцебск), «Музыка» (1980, дзіцячая музычная школа, г. Орша), габелена «Юнацтва»(1982, турбаза «Віцебская») і інш.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Некрасов Альберт Васильевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 180—181.