Мастакі Віцебшчыны

Мастак – гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію.

Марк  Шагал

Віцебская абласная бібліятэка

імя У. І. Леніна

VLIB

Артхранограф

  

На Віцебшчыне рух па аб'яднанню мастакоў у творчыя суполкі мае сваю ўласную гісторыю. А пачыналася яна ў Віцебску ярка і гучна ў першай палове ХХ стагоддзя – час найвышэйшага росквіту творчых аб'яднанняў ва ўсім мастацкім свеце. У 1919 годзе Казімірам Малевічам і яго вучнямі ў Віцебскіх вольных дзяржаўных мастацкіх майстэрнях было створана аб'яднанне, якое першапачаткова атрымала назву ПОСНОВИС (ПАСНОМАС – Паслядоўнікі новага мастацтва), але ў лютым 1920 года было перайменавана ва УНОВИС (СНОМАС – Сцвярджальнікі Новага Мастацтва). Дзейнасць гэтай сусветна вядомай арганізацыі мастакоў у Віцебску працягвалася да ад'езда К. Малевича ў Петраград у канцы 1922 года, і засталася ў гісторыі, як выдатны ўзор творчага яднання аднадумцаў, з'арыентаваўшых дзейнасць свайго аб'яднання на творчы эксперымент, на пошукі новых шляхоў у мастацтве.

Прыкладам іншай ідэйнай платформы ў яднанні творцаў стала, створанае ў пачатку 1927 года пры мастацкай секцыі Інстытута беларускай культуры Ўсебеларускае аб'яднанне мастакоў, філіял якога існаваў у Віцебску. Мэтай кансалідацыі мастацкіх сіл у гэтай арганізацыі было, садзейнічанне развіццю «нацыянальнага па форме і пралетарскага па зместу» беларускага мастацтва. Важнай задачай аб'яднання стала канкрэтная дапамога Наркампрасу БССР у арганізацыі выстаў і мастацкай адукацыі ў Беларусі. Але, творцы, што ўвайшлі ва Ўсебеларускае аб'яднанне мастакоў, прытрымліваліся розных сацыяльных пазіцый і эстэтычных прынцыпаў, што і стала прычынай, выхаду з яго складу часткі мастакоў у 1930 годзе. Менавіта іх намаганнямі было створана новае аб'яднанне – «РАМБ» – Рэвалюцыйнае аб'яднанне мастакоў Беларусі, віцебская філія якога неўзабаве таксама пачала сваю дзейнасць. Але раскрытыкаванае ўжо ў 1931 годзе на Ўсебеларускай канферэнцыі мастакоў за «скатванне на рэйкі буржуазнага мастацтва і «недаацэнку рэалістычных традыцый» гэта аб'яднанне, як і ўсе астатнія, існаваўшыя на прасторы СССР, вымушана спыніла сваю дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК УКП(б ) ад 23 красавіка 1932 года. Гэта сумная старонка ўсёй гісторіі развіцця савецкага, у тым ліку і беларускага, мастацтва, стала пралогам стварэння творчай арганізацыі мастакоў статус, функцыі і мэты дзейнасці якой былі выразна акрэслены дзяржавай. Але створаны таталітарнай сістэмай, у мэтах больш зручнага кіравання мастацтвам, Саюз савецкіх мастакоў БССР здолеў напісаць уласную гісторыю свайго існавання, шмат у чым вольную ад задуманага яго ідэолагамі. Хоць відавочна, што пакладзеныя некалі ў аснову дзейнасці Саюза прынцыпы «класавасці, партыйнасці, народнасці» шмат у чым негатыўна адбіліся на лёсах і творчасці многіх членаў аб'яднання. І мы добра памятаем пра гэта.

Прыемна адзначыць, што ў стварэнні Саюза мастакоў у Беларусі (Саюза савецкіх мастакоў БССР) актыўны ўдзел прынялі былыя выхаванцы легендарнай Віцебскай мастацкай школы. Дзякуючы іх актыўнай арганізатарскай і творчай дзейнасці закладаліся асновы творчага саюза мастакоў ў нашай краіне, ствараліся яго абласныя арганізацыі.
Ужо на Першым з'езде мастакоў БССР, у снежні 1938 года, абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні рэгіянальных арганізацый. Але вайна, якая пачалася праз некалькі год, спыніла развіццё гэтай ініцыятывы. Віцебскі філіял Саюза мастакоў БССР быў створаны толькі ў 1944 годзе, а ў 1949 годзе мастак Пётр Явіч атрымаў паўнамоцтвы на арганізацыю ў Віцебскай вобласці самастойнага аддзялення, якое пазней і ператварылася ў абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР.

Больш чым паўвекавая гісторыя аддзяляе нас ад тых часоў, калі гэта адбывалася і калі колькасць мастакоў у Віцебску вызначалася адзінкамі. За гэтыя гады творчым саюзам пройдзены шлях, які наўрад ці магчыма ўкласці ў некалькі сціплых старонак тэкста. Гэта сапраўды слынная гісторыя развіцця выяўленчага мастацтва на Віцебшчыне. І галоўныя ў ёй не толькі значныя падзеі, выдатныя мастацкія выставы, творчыя вечарыны, пленэры, але перш за ўсё імёны творцаў якія сваёй самааданай працай вызначалі шляхі развіцця выяўленчага мастацтва, у той ці іншай ступені развівалі мастацкія традыцыі мінулага і закладалі новыя. Многія з гэтых мастакоў і сёння, дзякуй Богу, жывыя і сваёй шчырасцю і апантанасцю, усім укладам свайго жыцця ў мастацтве паказваюць цудоўны прыклад наступным пакаленням. Мы можам ганарыцца не толькі спадчынай майстроў віцебскай мастацкай школы пачатку ХХ стагоддзя, але і творчымі набыткамі нашых сучаснікаў.

Сёння, ў параўнанні нават з нядаўнім мінулым, многае змянілася ў дзейнасці Саюза мастакоў. Статус грамадскага аб'яднання, існаванне ва ўмовах пачынаючага развівацца рынку, значна ўскладнілі рэалізацыю многіх творчых ініцыятыў Беларускага Саюза мастакоў. Але мы не можам не заўважаць і таго пазітыўнага, што прынёс з сабой новы час. Знік ціск, які, у той ці іншай ступені, аказваў Саюз на творчую асобу, да і сяброўства ў Саюзе перастала грунтавацца на пэўным пераліку ільготаў і даброт. Больш натуральны выгляд стала набываць і творчая канкурэнцыя ў асяроддзі сяброў Саюза. Аднак ніякія змены, не змаглі знівеліраваць той мінімум каштоўнага, які прынесла з сабой дзейнасць Саюза мастакоў краіне на працягу шасці дзесяцігоддзяў свайго існавання.

Сёння Беларускі саюз мастакоў уяўляе сабой добраахвотную грамадскую арганізацыю, якая аб'ядноўвае мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларусі. Менавіта дзякуючы актыўнай дзейнасці яго сяброў візуальнае мастацтва на Віцебшчыне стала адным з асабліва папулярных відаў у агульнай сістэме мастацтваў. Менавіта на гэтай зямлі ладзяцца шматлікія пленэры: Шагалаўскі, Малевічаўскі, імя Я. Драздовіча, І. Хруцкага, І. Рэпіна, адбываюцца разнастайныя акцыі і фестывалі, праводзяцца штогадовыя Шагалаўскія чытанні.

У параўнанні з большасцю абласцей Беларусі ў віцебскай абласной арганізацыі БСМ сёння найвышэйшая колькасць сяброў, сярод якіх мастакі Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы, Шаркаўшчыны, Глыбокага і г.д. У яе складзе прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў – беларусы і ўкраінцы, рускія і яўрэі, армяне і азербайджанцы, выхаванцы самых розных мастацкіх устаноў. Але напэўна найбольшую частку сяброў творчага Саюза складаюць выпускнікі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускай Акадэміі мастацтваў і аддзялення дызайна Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Сферы дзейнасці віцебскіх сяброў БСМ самыя разнастайныя: ад традыцыйных форм жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да самых неверагодных форм прапаганды мастацтва, эстэтычнага пераўтварэння асяроддзя, афармлення інтэр'ераў, выстаў, грамадскіх мерапрыемстваў, стварэння асобных мастацкіх аб'ектаў, правядзення мастацкіх акцый, хэпенінгаў, перфомансаў... Прастору Выяўленчага Мастацтва Віцебшчыны дакладнымі межамі сёння акрэсліць проста немагчыма.

 

Члены віцебскага аддзялення Беларускага Саюза мастакоў

 

Адметнай з'явай для віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў стала ўзнікненне ў 1987 годзе першага ў беларускім мастацтве нефармальнага творчага аб'яднання мастакоў «Квадрат».

У 1990 годзе Аляксандр Канавалаў адкрывае прыватную галерэю «Рыса», вакол якой аб'ядноўваюцца мастакі Полацка. А літаральна ў наступным годзе з удзелам сяброў Віцебскай абласной арганізацыі БСМ ствараецца чарговае творчае аб'яднанне – «Арщыца». У выставах гэтага аб'яднання, першая з якіх адбылася ў 1991 годзе, прымалі ўдзел мастакі з розных гарадоў Беларусі. У розныя часы з «Аршыцай «свае творы экспанавалі аршанцы А. Жураўлёў, А. Марышаў, Б. Іваноў, віцябляне Г. Фалей, Н. Лісоўская, В. Шылко, В. Васільеў.

У 1995 годзе прадстаўнікамі секцыі графікі была створана суполка «Віцебская акварэль». Асноўнымі задачамі аб'яднання сталі клопат аб захаванні творчай спадчыны віцебскіх акварэлістаў, шырокая прапаганда гісторыі і традыцый Віцебскай школы акварэлі, аказанне дапамогі маладым талентам. У склад суполкі ўвайшлі мастакі, якія стала працуюць ў акварэлі ў розных манерах і напрамках. Аўтарытэт і прызнанне віцебскай акварэлі прынесла актыўная творчая і экспазіцыйная дзейнасць такіх майстроў як Ф. Гумен, І. Сталяроў, В. Ральцэвіч, Г. Шутаў, В. Лук'янаў, В. Ляховіч, Л. Воранава, М. Ляўковіч, А. Карпан, І. Шкуратаў, М. Драненка, У. Напрэенка, Я. Панамарэнка, У. Іваноў, А. Шыёнак, У. Шапо, А. Кастагрыз, А. Фалей і шэрагу іншых. Суполка «Віцебская акварэль»выступіла арганізатарам і ўдзельнікам мастацкіх выстаў у шэрагу гарадоў Беларусі і за яе межамі, у Германіі, Расіі, Францыі, Латвіі... Лагічным працягам актыўнай дзейнасці суполкі стала ўтварэнне сапраўднага фестываля акварэлі – біенале «Акварэльная сябрына», якое перыядычна прадстаўдяе цудоўную магчымасць для акварэлістаў рэспублікі і замежжа экспанаваць свае новыя творы.
І сёння ў складзе віцебскай абласной арганізацыі БСМ побач з творчымі секцыямі жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры і мастацтвазнаўства існуюць аб'яднанні «Віцебская акварэль» і «Аршыца». Акрамя таго шэраг мастакоў Віцебска і вобласці ўваходзяць таксама ў агульнарэспубліканскія і міжнародныя аб'яднанні такія, як «Пагоня», «Сонечны квадрат» і іншыя.

У экспазіцыях выстаў, што прадстаўляюць творчасць сяброў віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў, можна убачыць шырокі жанравы і тэматычны дыяпазон твораў, самыя разнастайныя спосабы жывапіснага, ці графічнага мыслення, самыя неверагодныя варыяцыі тэхнік і стыляў. Побач з падкрэсленым наватарствам у творах нельга не заўважыць развіцця пэўных традыцый, як рэалістычнага, так і нефігуратыўнага, абстрактнага мастацтва. Пры гэтым традыцыя зусім не вызначае нейкую няспынную эстафету пакаленняў, творчых стыляў ці манер. Традыцыя паўстае як увасоблены ў вобразна-стылістычнай прасторы твораў унутраны глыбінны сэнс, абагульнёны творчы вопыт, многіх пакаленняў віцебскіх мастакоў. На гэтым цалкам натуральным шляху развіцця мастацтва, нішто не можа быць прынята на веру, толькі таму, што дадзеная з'ява існуе, але нішто не можа быць і канчаткова пахавана, толькі з за таго, што засталося ў мінулым, як сцвярджаў славуты нямецкі філосаф, аўтар шматлікіх прац па праблемах развіцця мастацтва Тэадор Адорна. Традыцыя павінна беражліва захоўвацца, бо толькі ў яе рэчышчы магчыма пазачасовае існаванне любой мастацкай спадчыны, у тым ліку і падкрэслена навацыйнай.

Акрамя віцебскай акварэлі, мастацтвазнаўцы сёння кажуць аб наяўнасці адметных рысаў школы і ў віцебскім габелене. Яго прадстаўляюць Н. Лісоўская, С. Урублеўская, С. Баранкоўская, Т. Лісіца, Г. Фалей, А. Яснова, Т. і Ю Рудэнкі, і некаторыя іншыя віцебскія творцы, якія час ад часу экспануюць на выставах свае работы, выкананыя ў розных тэкстыльных тэхніках.

Цікавыя і сапраўды арыгінальныя пошукі ў галіне мастацтва аб'екта не аднойчы дэманстравалі В. Васільеў, А. Малей, А. Дасужаў, В. Нікалаеў. Аднак не толькі мастацтва аб'екта, але і перформанс, хэпенінг, інсталяцыя, лэнд-арт і многія іншыя віды творчасці, стаўшыя папулярнымі ў ХХ стагоддзі, былі і застаюцца прыцягальнымі для шэрагу мастакоў Віцебшчыны.

Не згасае дух эксперыментатарства з колерам і формай таксама ў жывапісе віцебскіх мастакоў. Праца ў самых разнастайных жывапісна-пластычных накірунках дае магчымасць выкарыстання асабістай оптыкі светаўспрыняцця. У экспазіцыях выстаў побач з высокапрафесійнымі рэалістычнымі творамі П. Явіча, Я. Красоўскага, В. Ціханенкі эфектныя дэкаратыўныя кампазіцыі А. Скавародкі, вольныя каларыстычныя, пластычныя, вобразныя імправізацыі Л. Мядзвецкага, А. Канавалава, В. Шылко, В. Жураўлёва, А. Краўчанкі і іншых. Увагу гледача прыцягвае музычная жывапіснасць палотнаў А. Чміля, паэтычны характар нацюрмортаў В. Міхайлоўскага, этнаграфізм і каларызм работ В. Крука, іранічныя вобразы А. Крошкіна, сюрэалістычна загадкавыя творы В. Мядзвецкага, філасофскі жывапіс В. Лук'яненкі, міфалагізаваныя кампазіцыі А. Ізаіткі. Не менш уражвае ўсхвалявана эмацыянальны У. Вальноў, духоўна неабдымны Ю. Зуеў, экспрэсіўна вольны М. Таранда, эратычна пачуццёвы М. Дундзін, тэматычна шматгранны В. Шчасны... Кожны з прыгаданых вышэй аўтараў цікавая і самабытная асоба ў беларускім мастацтве.

Немала сапраўды арыгінальных майстроў сярод віцебскіх графікаў. У іх творчасці немагчыма не заўважыць як паралеляў з агульнавядомымі еўрапейскімі графічнымі школамі, так і развіцця традыцый беларускай графікі. Гэта відавочна ў станковай графіцы Г. Кісялёва, А. Ільінова, Б. Лалыкі, манатыпіях Л. Анцімонава, лінагравюрах Р. Клікушына, пастэлях В. Шамшура, метафізічных аркушах П. Кірыліна, метафарычных вобразах В. Чукіна, вытанчаных партрэтах І. Магучай і каліграфічна эфектных малюнках М. Круглікавай, рамантычных кампазіцыях Т. Беразоўскай і С. Прывады, экспрэсіўна выразных творах А. Духоўнікава і высокакласных малюнках І. Лісіцы...

Творчы патэнцыял скульптараў, сярод якіх Л. Аганаў, А. Гвоздзікаў, І. Казак, В. Магучы, Л. Тарабука, А. Тарасян увасоблены не толькі ў шматлікіх ўзорах манументальнай пластыкі ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы, але і ў разнастайных станковых кампазіцыях, якія час ад часу з'яўляюцца ў экспазіцыях выстаў. І хоць прастора вольнага пластычнага эксперыменту сёння здаецца не вельмі вялікай, цікавасць да падобных кампазіцый віцебскіх скульптараў з боку гледачоў і мастацтвазнаўцаў даволі высокая.

Адметнасць аўтарскай манеры і высокае тэхнічнае майстэрства вылучаюць творы віцебскіх керамістаў М. Бычкоўскага, В. і Л. Кавальчукоў, ювелірную пластыку Ю. Рудэнкі.

Увогуле, сярод сяброў віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў, нямала таленавітых творцаў, якія працуюць у самых розных відах і жанрах мастацтва і пералічыць іх усіх тут проста немагчыма. Але мы памятаем і з павагай адносімся да ўсіх. Мы памятаем пра тых мастакоў, што ў свой час годна прадстаўлялі Віцебскую вобласць на выставах самага рознага узроўню, а пазней, па тых, ці іншых прычынах, выехалі за яе межы. Віцебшчына можа ганарыцца тым, што на ёй некалі працавалі такія сапраўды неардынарныя творчыя асобы як С. Цімохаў, В. Распопаў, А. Пушкін, А. Ладзісаў, Б. Хесін і некаторыя іншыя.

Мы памятаем і пра тых мастакоў, якіх сёння ужо няма ў жывых, але якія на працягу дзясяцігоддзяў сваімі творамі сапраўды ўслаўлялі наш край. Сярод іх жывапісцы – А. Арлоў, І. Бабаедаў, І. Бароўскі, М. Глушко, В. Дзежыц, А. Дзенісьеў, А. Каржанеўскі, У. Кухараў, М. Міхайлаў, А. Някрасаў, А. Толкач, Я. Ясьвін, графікі – Л. Воранава, В. Дураў, Б. Кузьмічоў, скульптар У. Голубеў, мастацтвазнаўца Г. Лебедзеў, мастак тэатра Я. Нікалаеў, майстры, працуючыя ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве – М. Рыбалкіна і Н. Шчасная.

Як і раней, дзейнасць віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў скіравана на ўдзел мастакоў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выставах, пленэрах, на арганізацыю персанальных і групавых выстаў яе сяброў. Аднак прыкметнай і вельмі важнай справай застаецца таксама праца шэрагу сяброў Беларускага саюза мастакоў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных мастацкіх навучальных установах. На працягу многіх гадоў на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага універсітэта выкладалі Р. Клікушын, І. Сталяроў, Ф. Гумен, Л. Анцімонаў, В. Лябёдка, В. Ляховіч, А. Някрасаў, А. Арлоў. У гэтай навучальнай установе і сёння плённа працуюць М. Гугнін, А. Карпан, А. Кавалёў, А. Кастагрыз, М. Ляўковіч, І. Лісіца, В. Несцярэнка, М. Цыбульскі, А. Чміль, В. Шамшур І. Шкуратаў.

Значны ўнёсак у арганізацыю кафедры дызайна і падрыхтоўку мастацкіх кадраў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце ў 1975 г зрабілі М. Рыбалкіна, А. Някрасаў, В. Нікалаеў, а сёння там працуюць Г. і В. Васільевы, А. і Г. Фалей, Н. Лісоўская, С. Урублеўская, Л. Тарабука.

На чале віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў у розныя часы былі вядомыя на Беларусі мастакі: П. Явіч, А. Толкач, Я. Нікалаеў, А. Салаў'ёў, Ф. Гумен, Г. Шутаў, А. Ільіноў, А. Гвоздзікаў, А. Скавародка, У. Іваноў, В. Шылко, М. Драненка. Кожны з іх на тым ці іншым этапе прыклаў пэўныя намаганні ў пашырэнні уплываў Саюза на грамадскае жыццё вобласці. Сёння абласную арганізацыю ўзначальвае С. Баранкоўская.

На сучасным этапе перад Беларускім саюзам мастакоў стаяць не толькі задачы звычайнага прафсаюза. Час патрабуе каб БСМ стаў арганізацыяй, якая існуе для мастака і абараняе яго інтарэсы. Але і роля кожнага сябра ў такім выпадку становіцца надзвычай адказнай. Нямала ў саюзе мастакоў, якія маюць свае ўласныя погляды на перспектывы развіцця аб'яднання і, нібы то, часам знаходзяцца ў апазіцыі да яго. І ў гэтым няма вялікай бяды. Важна іншае: каб альтэрнатыўныя ідэі не перашкаджалі здароваму развіццю творчага аб'яднання. Роля «проста апазіцыянера»ў грамадскай арганізацыі звычайна не прыносіць плёну.

І апошняе. Было б цалкам несправядліва абмяжаваць аповяд пра мастацтва Віцебшчыны толькі дзейнасцю сяброў Беларускага саюза мастакоў. Сярод віцебскіх мастакоў нямала таленавітых творцаў, якія па розных прычынах ( у тым ліку і прынцыпова ідэйных!) ніколі не належылі да творчых суполак і аб'яднанняў. Гэта пазіцыя ў мастацтве, да якой большасць сяброў БСМ адносіцца з разуменнем і павагай. Больш таго, кіраўніцтва арганізацыі заўжды гатова ісці на пазітыўнае супрацоўніцтва з мастакамі якія сёння, побач з сябрамі БСМ, з'яўляецца сапраўдным гонарам віцебскага мастацтва Без твораў многіх з іх, звычайна прадстаўленых у персанальных выставах, агульная карціна развіцця мастацтва на Віцебскай зямлі будзе проста няпоўнай.

Беларускі саюз мастакоў... Магчыма калі-небудзь час прапануе і іншыя тыпы інстытуцыянальнай арганізацыі і аб'яднання творцаў. Аб'яднанні мастакоў, як сведчыць гісторыя, не жывуць вельмі доўга. Але пакуль што і сёння маладыя мастакі цягнуцца да Беларускага саюза мастакоў і цікавіцца яго дзейнасцю. Сведчаннем таму існаванне ў межах віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў маладзёжнага аб'яднання. І гэта натуральна. Бо, напэўна, галоўнае, што прыцягвае ў дзейнасці любога творчага саюза гэта прыярытэт прафесійнага майстэрства, якое было і застанецца самым дасканалым барометрам мастацкіх вартасцяў твора, самым аб'ектыўным арбітрам у гісторыі мастацтва. Менавіта прафесіяналізм побач з трапятковымі адносінамі да гісторыі і традыцый Віцебскай мастацкай школы і вызначае сёння перспектывы развіцця віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, з'яўляецца залогам будучыні Саюза творцаў

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ,
кандыдат мастацтвазнаўства

 

ЛІТАРАТУРА

1. Беларускі саюз мастакоў = Belarussian Union of Artists : энцыкл. даведнік / аўт.-склад. Б. А. Крэпак [і інш.]. — Мн. : Кавалер Паблішэрс, 1998. — 664 с. : іл. — На беларус. і англ. мовах.

2. Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A union of creators/ уклад. і аўт. тэксту М. Л. Цыбульскі; аўт. уступ. У. Андрэйчанка ; фат. В. Балоціна, М. Цыбульскага. — Мн. : Беларусь, 2005. — 146 с. : іл. — Тэкст парал. на бел. і англ. мовах.

3. Сучасныя мастакі Віцебшчыны : біябібліягр. слоўнік / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Аддзел літаратуры па мастацтве ; склад. В. І. Аліева. — Віцебск, 1994. — 133 c.

* * * * *

4. Крупица, Н. Вся жизнь, как вернисаж / Н. Крупица // Віцьбічы=Витьбичи. — 2003. — 11 февр. — С. 8.

О работе витебского отделения Белорусского Союза художников.

5. Пастернак, Т. Витебский вернисаж / Т. Пастернак // Народнае слова. — 2003. —11 лют. — С.4.

О витебском отделении Союза художников.

6. Пастернак, Т. Где в городе «прописаться» художнику? / Т. Пастернак // Народнае слова. — 2010. — 2 снеж. — С. 7.

О проблемах витебских художников.

7. Пастернак, Т. Зачем художникам Союз? / Т. Пастернак // Народнае слова. — 2004. — 17 лют. — С. 4.

О витебской организации Союза художников.

8. Пастернак, Т. Прекрасен наш союз / Т. Пастернак // Народнае слова. — 2010. — 29 мая. — С. 4.

Областное отделение Белорусского Союза художников отпраздновало свое 40-летие.

9. Пастернак, Т. «Ты вечности заложник, у времени в плену» / Т. Пастернак // Народнае слова. — 1998. — 26 лiстап. — С. 5.

О проблемах, с которыми сталкиваются художники Витебска.

10. Цыбульскі, М. «Дзяржава не можа жыць без мастацтва...» / М. Цыбульскі // Віцьбічы=Витьбичи. — 2004. — 2 нояб. — С. 1.

Са справаздачнага сходу віцебскай абласной арганізацыі БСМ.

11. Цыбульскі, М. Свой колер у Еўрапейскай палітры / М. Цыбульскі // Беларусь. — 1998. — № 6. — С. 30.

Разважанні аб майстэрстве і сувязях віцебскіх мастакоў.