Біяграфія
Іваноў Іван Васільевіч (11.08.1981, г. Даўгаўпілс, Латвія), беларускі мастак. Скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, аддзяленне мастацка-графічнага факультэта (2003). Працуе ў розных тэхніках і матэрыялах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу, графікі. Член маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў (2014), Беларускага саюза мастакоў (2016). Жыве ў Полацку.
Працуе ў Полацкай дзіцячай мастацкай школе настаўнікам жывапісу і кампазіцыі. З'яўляецца адным з арганізатараў і ўдзельнікаў гарадскога клуба гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз». Іван Іваноў лічыць асноўным кірункам сваёй творчасці працу з натурай, таму ў экспазіцыі – пейзажы з пленэраў і нацюрморты. Для мастака пераважае прыгажосць, створаная прыродай і прапушчаная праз прызму аўтарскага ўспрымання і светаадчування. Яго адрознівае трапятлівасць, імпэт падоўжанага мазка, адменны, блізкі да экспрэсіянізму, каларыт. Іван Васільевіч удзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў і пленэраў, супольных праектаў. Як палачанін, ён неаднаразова звяртаецца да тэматыкі роднага горада, багатага на сваю сакральную архітэктуру.
Асноўная задача яго творчасці – падкрэсліць натуральную прыгажосць, прастату і гармонію, што створаныя прыродай. Сярод прац: «Вільня. Святая Ганна і Святы Францыск», «Слоікі» (2015), «Віцебск. Вуліца Талстога», «Леў», «Маладыя хвоі», «Садавіна» (2016), «Ноч. Полацк. Спас-Слабада», «Ноч. Сафія», «Суседзі», «Хваёвыя карункі» (2017), «Белая царква», «Нацюрморт з Вадалеем», «Хата» (2018), «На Дзвіне», «Пакінуты сад», «Сафійскі сабор», «Смаленск», «У Смаленску» (2019), «Возера Таболы», «Нацюрморт з гітарай», «Хваля і ветразь» (2020), «Асіны», «Дворык», «Курск. Стралецкая слабада», «Прыход вясны», «Таполі. Кастрычнік», «Шчаты» (2021).
Працы Івана Іванова знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Германіі, Францыі, Канады.