Біяграфія
Крупская Вікторыя Васільеўна (14.05.1975, г. Львоў (Украіна)), беларуская мастачка. Скончыла дзіцячую мастацкую школу № 1 (1992), Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт (1997). Выкладала ў дзіцячай мастацкай школе № 1 г. Віцебска (1997–2001). Узнагароджана Ганаровай граматай Упраўлення культуры Віцебскага гарвыканкама ў якасці лаўрэата абласнога конкурсу метадычных і творчых выкладчыкаў ДМШ. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1992 г. Член Беларускага саюза мастакоў (2005).
Працуе ў тэхніцы жывапісу. Творы лаканічныя, прыгожыя колерам: гэта эмоцыі, адчуванне глыбокага перажывання, аўтарскі прынцып. У спіс асноўных работ увайшлі: серыі «Вертыкальныя сны», «Зіма ў срэбры», «Фамільнае срэбра», «Кветкі» (2008); дыптых «Поўдзень», «Поўнач» (2009); «Захады Даўгавы», «Гульня святла і паветра», «Гульні каралёў» (2009).
Работы знаходзяцца ў калекцыях фондаў Марка Роткі, (г. Даўгаўпілс, Латвія), Марка Шагала (г. Віцебск, Беларусь), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Латвіі, Галандыі, Францыі, Грэцыі, Славакіі.