Біяграфія
Літвін Аляксей Уладзіміравіч (06.05.1975, г. Віцебск). Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава (1998). Працаваў выкладчыкам мастацкага і харэаграфічнага аддзяленняў Верхнядзвінскай школы мастацтваў, харэографам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа, трэнерам-харэографам фігурнага катання ў Лядовым палацы Віцебска. Лаўрэат беларускіх і замежных фестываляў. Удзельнік звыш за 40 выстаў, а таксама розных усебеларускіх і міжнародных пленэраў. Член Беларускага саюза мастакоў (2008). Жыве ў Віцебску.
Творчасць Аляксея Літвіна нетыповая для беларускага культурнага асяроддзя, аднак выдатна ўпісваецца ў агульнаеўрапейскі кантэкст. А захапленне мастака харэаграфіяй стварае цікавы сімбіёз – выявы на яго карцінах з'яўляюцца вынікам спалучэння жывёльных стыхій танца і фантазіі мастака, дзе хаатычныя формы і рэзкія колеравыя кантрасты як мага лепш адлюстроўваюць усю палітру яго эмоцый.
Сярод асноўных работ: «Раніца» (1998), «Шлюб», «Дзядуля ў ваннай», «Ля Матылёк», «Нясенне яек», «Забі ўва мне Гаргону, Медузу захавай» (2002), «Р-р, якую я не вымаўляю» (2003), «Разетка» (2004); «Аўтапартрэт з намаляванай дзяўчынкай», «У сабе», «Госць», «Два месцы», «Жаночая смерць», «Вытокі», «Да Бога», «Няма шляху», «Хлам» і іншыя.
СПАСЫЛКІ
Соловьёва Т. Выставка витебского художника Алексея Литвина в галерее «Стена»