Біяграфія
Сталяроў Іван Міхайлавіч (20.05.1923, г. Віцебск – 27.09.2015, г. Магілёў), беларускі акварэліст, графік, педагог. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1939–1940). Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1951), факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута (1960). Працаваў выкладчыкам Віцебскага мастацка-графічнага педагагічнага вучылішча (1951–1958), выкладаў на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1959–1985), дацэнт кафедры малюнка і жывапісу ВДПІ (1979). Стаяў ля вытокаў Віцебскай школы акварэлі, з'яўляецца аўтарам спецыяльных вучэбных праграм, дапаможнікаў, у якіх сістэматызавана методыка работы акварэльнымі фарбамі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1993). Член Беларускага саюза мастакоў (1967). Жыў у Віцебску, у 2011 г. пераехаў у Магілёў.
Творчая і педагагічная праца адзначана медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», нагрудным знакам «Выдатнік асветы СССР», 40 ганаровымі граматамі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. За удзел у баявых дзеяннях узнагароджаны 19 урадавымі медалямі, сярод іх – два «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны», «За Перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Сярод вучняў І. М. Сталярова больш за сотню з'яўляюцца сябрамі прафесійных саюзаў мастакоў, 75 з іх выбралі акварэль у якасці асноўнай мастацкай тэхнікі.
Працаваў ў акварэлі, станковай і кніжнай графіцы.
Асноўная тэматыка твораў: сельскія, гарадскія і індустрыяльныя пейзажы. Аўтар шэрагу станковых кампазіцый на ваенную тэму, а таксама станковых ілюстрацый. Выканаў звыш за 1500 творчых работ (акварэль, графіка).
Браў удзел у творчых паездках па Латвіі, Літве, Паўночным Каўказе і Арменіі.
Сярод работ: серыі акварэляў «Новабудоўлі Віцебска» (1958–1961), «Браслаўшчына» (1963–1965), «Па Паўночным Каўказе» (1974), «Ушацкія эцюды» (1974), «Па Арменіі» (1980), «Віцебшчына – край блакітных азёр» (1984), «Час навальніц» (1987); кампазіцыі «Заходняя Дзвіна» (1961), «Юр'ева Горка» (1961), «Здраўнёва» (1963), «Першыя замаразкі» (1968), «Калі ноч горад накрывае» (1978), «Гарадская ўскраіна» (1980), «Возера Аслепна» (1993), «Пейзаж у ваколіцах в. Вымна» (1998), «Змярканне» (1998), «Дрэвы каля ракі» (1999), «Дажджлівыя хмары» (1999), «Перад навальніцай» (1999), «Рэчка Ула» (2003), «Летні пейзаж» (2003), «Волжская вольніца» (2004) і інш.
Творы знаходяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, віцебскіх мастацкім і краязнаўчым музеях, Полацкім музеі, музеі М. П. Шмырова, прыватных калекцыях у Расіі, Германіі, Галандыі, Беларусі і інш.
ЛІТАРАТУРА
Іван Сталяроў : ля вытокаў Віцебскай школы акварэлі : каталог / Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Аддзел літаратуры па мастацтве ; склад. В. А. Дарафеева, М. Л. Цыбульскі. — Мн., 2013. — 108 с. : іл.