Біяграфія
Салаўёў Аляксандр Аляксандравіч (13.09.1926, в. Салані Ленінградскай вобл., Расія – 23.05.2021, г. Віцебск), беларускі мастак тэатра. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982). Скончыў Ленінградскае Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай (1957), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1965). З 1965 года – у Віцебску. У 1977–1990 гг. – галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. Член Беларускага саюза мастакоў (1966). Жыў ў Віцебску.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943-1944 гг. удзельнічаў у партызанскім руху, з 1944 года знаходзіўся ў дзеючай арміі. Быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, а таксама памятнымі медалямі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Працаваў ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве, станковым жывапісе і графіцы.
Аформіў больш за 100 спектакляў, сярод якіх: «Сымон-музыка» паводле Я. Коласа (1976), «Кастусь Каліноўскі» У. Караткевіча (1978), «Парог» (1982), «Радавыя» (1984) А. Дударава, «Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра (1986), «Мудрамер» М. Матукоўскага (1988), «Каварства і любоў» А. Петрушэўскай (1989) і інш.
Аўтар жывапісных работ: «Дзве птушкі» (1984), «Накцюрн» (1998), «Водбліскі» (2003), «Экспромт» (2008), «Папярэджанне» (2008), «Настальгія» (2008), «Рэквіем па дрэве» (2008), «Мара» (2008), «Кампазіцыя» (2009), «Галактыка» (2010), «Метамарфозы» (2010); трыпціха «Прысвячэнне жанчыне» (2007); цыклаў «Фарбы зямлі» (1974–1985), «Русь» (1975–1985), «Тэатр» (1977–1980), «Космас» (1978–1982) і інш.
У 2017 годзе Аляксандр Салаўёў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі.
Памёр 23 мая 2021 года. Пахаваны на Мазурынскіх могілках у Віцебску.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Соловьев Александр Александрович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 481.
СПАСЫЛКІ
Анцімонаў Л. «Версіі» сваёй мадэлі
Соловьёв Александр Александрович
Соловьёв Александр Александрович в Википедии
Цыбульскі М. Інстынкт творчасці. Метафарычная вобразнасць Аляксандра Салаўёва