Мастакі Віцебшчыны

Мастак – гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію.

Марк  Шагал

Віцебская абласная бібліятэка

імя У. І. Леніна

VLIB

Біяграфія

 

Катовіч Таццяна Віктараўна (26.03.1954, г. Віцебск). З 1971 па 1976 год атрымлівала адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна на факультэце журналістыкі па спецыяльнасці журналіст. Пасля яго заканчэння вярнулася ў Віцебск і працавала ў аддзеле інфармацыі праектна-канструктарскага бюро аўтаматызаваных сістэм кіравання (ПКБ АСК).

З сакавіка 1977 г. Т. Катовіч – карэспандэнт-арганізатар Віцебскага раённага радыё. З 1982 года – рэдактар Віцебскага абласнога радыё, з 1988 г. – рэдактар Віцебскага абласнога тэлебачання.

У 1993 г. паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры па спецыяльнасці «тэорыя мастацтва».

З верасня 1997 г. – памочнік галоўнага рэжысёра Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. З гэтага ж часу – кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра тэатра. Пры яе ўдзеле ў тэатры створана выставачная зала. У мясцовым друку апублікаваны цыкл артыкулаў Т. В. Катовіч, прысвечаных творчым партрэтам артыстаў-коласаўцаў. У гэты перыяд Таццяна Віктараўна актыўна праводзіць даследаванні тэатральнага метаду, прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях у Беларусі і за яе межамі.

У студзені 1999 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме: «Барока як універсальны стыль мастацкай культуры Беларусі XVI–XVIII стст.» і атрымала ступень кандыдата мастацтвазнаўства. З 2001 г. асноўным месцам работы Т. Катовіч стаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, куды яна вярнулася на кафедру ўсеагульнай гісторыі і суветнай культуры ў якасці старшага выкладчыка. У верасні 2007 года абараніла доктарскую дысертацыю. Да 2009 г. яна сумяшчала выкладанне з работай у тэатры.

Сфера інтарэсаў Т. Катовіч – мастацкія сродкі арганізацыі хранатопу твора (займаецца тэатральнай крытыкай з 1973 года, а праектамі, звязанымі з авангардам – з 1994 года). Т. В. Катовіч – аўтар праекта міжнароднай канферэнцыі «Малевіч. Класічны авангард. Віцебск», якая тройчы адбылася ў Віцебску (1994, 1996, 1998); зборнікаў матэрыялаў «Малевіч. Класічны авангард. Віцебск» (11 выпускаў), «Духоўная энергія тэатра» (1995). Арганізатар рэспубліканскай канферэнцыі «Трансфармацыя тэатра» (Віцебск, 1995). Аўтар праекта даследчай лабараторыі Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (1993). Заснавальнік рэспубліканскай даследчай лабараторыі сцэнічных мастацтваў (1995). У 2003 г. супольна з Анастасіяй Махавай паставіла «Супрэматычны балет», а ў 2006 г. – балет «Перамога над Сонцам».

У цяперашні час выкладае дысцыпліны культуралагічнага і мастацтвазнаўчага напрамкаў («Тэорыя і гісторыя культуры», «Усеагульная гісторыя мастацтваў»), кіруе даследчай практыкай студэнтаў, з'яўляецца навуковым кіраўніком дыпломных работ і магістарскіх дысертацый. Падрыхтавала 6 пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў вну Беларусі.

Таццяна Віктараўна – удзельнік і арганізатар міжнародных кангрэсаў, канферэнцый, фэстаў, выставачных праектаў у Расіі, Украіне, Беларусі. Аўтар больш за 500 навуковых і творчых публікацый, у тым ліку 13 манаграфій: «Гульня з каардынатамі сэнсаў: прасторава-часавы кантынуум тэатра» (Віцебск : ВДМУ; Мінск, 1999), «Энцыклапедыя рускага авангарда» (Мінск, 2003), «Прасторава-часавы кантынуум тэатра» (Віцебск, 2005), «Рэжысура рытуалу» (Віцебск, 2009), «Тэатральная культура Віцебшчыны ХХ стагоддзя» (Віцебск, 2009), «Структура спектакля: Воля да постмадэрнізму» (Віцебск, 2010), «Колер – Тэатр – Хранатоп» (Віцебск, 2010), «Сцэнаграфія. Віцебск» (Віцебск, 2011), «Беларускі тэатр "Лялька"» (Віцебск, 2012), «Скульптура. Аб'екты. Віцебск» (Віцебск, 2013), «Дзяржаўны маладзёжны тэатр "З вуліцы Руж"» (Віцебск, 2014), «Новы Мастацкі тэатр» (Віцебск, 2014).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Татьяна Викторовна Котович : биобиблиографический указатель / Витебская областная библиотека им. В.И. Ленина, Отдел литературы по искусству; [сост. О.А. Дорофеева]. – Витебск, 2009. – 124 c.

2. Цыбульский, М. Л. Котович Татьяна Викторовна / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. – С. 524.