Біяграфія
Вакар Людміла Уладзіміраўна (4.04.1957 г., г. п. Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці). Кандыдат мастацтвазнаўства. Скончыла Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна па спецыяльнасці «Тэорыя і гісторыя выяўленчага мастацтва» (Ленінград, 1982). З 1991 па 1995 год вучылася ў аспірантуры Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1996 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Інсітнае мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя».
З 1982 года працуе ў Віцебскім навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці ў якасці вядучага метадыста па этнаграфіі і фальклоры. Займаецца арганізацыйнай, метадычнай і даследчай дзейнасцю ў галіне народных рамёстваў, наіўнага мастацтва. Арганізавала і здзейсніла наступныя мерапрыемствы: аднайменныя выставу і форум «Народны і гістарычны касцюм Віцебскай вобласці» (1991), канферэнцыю і выставу пад назвай «Візіянерства Язэпа Драздовіча» (1993), І Рэспубліканскае свята ганчарства «Ганчарнае кола-97» (Бачэйкава, Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), нацыянальныя выставы і канферэнцыі па наіўным мастацтве Беларусі «Insita» (1994, 2000, 2008, 2012, 2016) і іншыя праекты. Прадстаўляла калекцыю наіўнага мастацтва на Міжнароднай выставе-трыенале «Insita-97» у Славацкай карціннай галерэі (Браціслава, 1997), на Міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва «Фэстнаіў» (2004, 2007, 2010, 2013, 2016) у Маскве. З 1998 па 2001 год была куратарам праекта міжнароднага конкурсу майстроў народных рамёстваў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Правяла канферэнцыі «Інсітнае мастацтва Беларусі. Гісторыя. Тэндэнцыі развіцця» (29–30 верасня 2000 г., Віцебскі АНМЦНТ), «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванні традыцый» (26–27 мая 2005 г., Віцебскі АМЦНТ), «Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне і папулярызацыя» (21 мая 2010 г., Віцебскі АМЦНТ, Віцебскі абласны краязнаўчы музей), «Прымітыў і яго формы ў сучаснай культуры» (4–5 мая 2012 г., Віцебскі АМЦНТ, ВАКМ), «Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны» (2013, Віцебскі АМЦНТ), «Гісторыя і актуальныя формы мастацтва прымітыву» (17–18 ліпеня 2016 г., Віцебскі АМЦНТ).
У 2012 годзе ўдастоена звання «Чалавек года Віцебшчыны».
З 1995 па 2015 г. выкладала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. У 1997 годзе праходзіла стажыроўку ў Інстытуце мастацтва Акадэміі навук Польшчы. Вобласць навуковых інтарэсаў: мастацкая культура і выяўленчае мастацтва Беларусі.
ЛІТАРАТУРА
Людміла Вакар : бібліяграфічны паказальнік / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Аддзел літаратуры па мастацтве ; [склад. Л. В. Несцярэнка]. – Віцебск, 2022. – 60 с.
СПАСЫЛКІ
Прымітывізм і эстэтыка рызомы ў жывапісе і калажах І. Шутавай