Біяграфія
Бычкоўскі Міхаіл Аляксандравіч (30.09.1960, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), беларускі кераміст. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1982). Выкладаў у СШ № 10 г. Барысава (1982), працаваў на віцебскім аб'яднанні «Кераміка» (1984–87), з 1987 мастак-кераміст АП ВФ «Віцебскгандальбуд». Член Беларускага саюза мастакоў (2002). Жыве ў Віцебску.
Працуе ў галіне дэкаратыўнай керамікі, металапластыкі, выкарыстоўвае іх пластычныя магчымасці ў інтэр'еры.
Сярод работ: дэкаратыўныя пластыка «Мелодыя» (1987), «Трое» (1991), «Прагулка» (1996), керамічныя эцюды «Усмешкі маёй майстэрні» (1997), «Адам і Ева» (1998), «Вечар» (1999), «Наташа» (2000), «Саша» (2000), «Сумная песня» (2001), «Грабеньчыкі» (2001) і інш. Аўтар дэкаратыўных кампазіцый у інтэр'еры крамы «Кветкі» (Віцебск, 1995), пластыкі ў інтэр'еры крамы «Белвест» (Віцебск, 1997), дэкаратыўна-манументальнай кампазіцыі ў кавярні «Маэстра» (Віцебск, 2007), дэкаратыўнай кампазіцыі ў забаўляльным цэнтры «Востраў скарбаў» (Віцебск, 2008), серыі керамічных пано для інтэр'ера кафэ ў г. п. Копысь Аршанскага р-на (2009).
Асноўнай асаблівасцю твораў з'яўляецца выкарыстанне комплексных інтэр'ерных рашэнняў, дэкаратыўнай пластыкі, работа з асяроддзем, укараненне змяшаных тэхнік, акцэнтаванне ролі візуальных магчымасцяў матэрыялаў, якія выкарыстоўвае аўтар.
ЛІТАРАТУРА
Міхаіл Бычкоўскі // Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A Union of creators : фотаальбом / уклад. і аўт. тэксту М. Цыбульскі ; аўт. уступ. У. Андрэйчанка ; фат. В. Балоціна, М. Цыбульскага. — Мн. : Беларусь, 2005. — С. 25. — На беларус. і англ. мовах.
Цыбульский, М. Л. Бычковский Михаил Александрович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1 : Витебская область. Кн. 2. — С. 116.