Біяграфія
Карпан Аляксандр Фёдаравіч (06.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна– 18.08.2016, г. Віцебск), беларускі мастак. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1979), выкладаў у ім. Член Беларускага саюза мастакоў (1991). Жыў у Віцебску.
Працаваў у акварэлі і станковай графіцы, у жанрах нацюрморта, партрэта, пейзажа, ню, тэматычнай кампазіцыі. Творы вылучаюцца выразнасцю і лёгкасцю, эфектнай індывідуальнай манерай акварэльнага пісьма, удалым спалучэннем класічных прыёмаў акварэлі і наватарства, асаблівай вытанчанасцю формаў, дакладным і выразным малюнкам, прадуманай да дробязяў кампазіцыяй, гармоніяй колеравага вырашэння, канцэптуальнасцю ладу.
Сярод работ: «Маці» (1981), «Чарнобыльская пастараль» (1989), «Шкло і вінаград» (1990), «Нацюрморт з рыбай» (2000), «Даша» (Партрэт дачкі) (2003), «Нацюрморт з часнаком» (2004), «Час збіраць камяні» (2008), «Першы снег» (2009), «Стары самавар» (2008), «Сонечны ўзлесак» (2009), серыі «Кветкі» (1988), «Гарады і ўражанні» (2009) і інш.
Працы А. Ф. Карпана знаходзяцца ў зборах Полацкага гісторыка-археалагічнага музея-запаведніка, Віцебскага мастацкага музея, аддзела культуры г. Нінбурга (ФРГ), Пастхофа г. Нінбурга, аддзела культуры г. Вецлара (ФРГ), Саюза мастакоў г. Брэмена (ФРГ), грамадства беларуска-нямецкай дружбы г. Куксхафена (ФРГ), а таксама ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Англіі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Ізраілі, Італіі, Ірландыі, Канадзе, Кітаі, Латвіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, Францыі, Чэхіі, Эстоніі.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Карпан Александр Федорович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 479—480.
СПАСЫЛКІ
«В поисках Антареса». Персональная юбилейная выставка А.Ф. Карпана в Витебском художественном музее