Біяграфія
Мядзведскі Леанід Леанідавіч (27.10.1956, г. Віцебск), беларускі мастак. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1983). Выкладае ў дзіцячай мастацкай школе № 1 г. Віцебска. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1982 года. Член Беларускага саюза мастакоў (1997). Жыве ў Віцебску.
Працуе пераважна ў тэхніцы гуашы або тэмперы, звяртаецца да пейзажа, нацюрморта, партрэта. Яго працы характарызуюцца выразным псіхалагічным настроем, багаццем колеравых інтанацый.
Сярод твораў: «Сумныя кветкі» (1984), «Мелодыя» (1985), «Дарога ў лесе» (1987), «У горадзе» (1989), «Зімовы сон» (1993), «Восень. Хрызантэмы» (1994), «Вясна. Сосны» (1995), «Вясна. Залатое святло» (1996), «Сонечны дзень» (1996), «Лета, якое адыходзіць» (2001), «Восень. Парк Мазурына» (2002); серыі «Сядзіба ў Опсе» (1986), «Кветкі» (1989–1990), «Зімні від з акна» (1994–96), «Раскадроўка» (2002–06), «Падыход да берага ў невядомых морах» (2008) і інш.
Работы знаходзяцца ў мастацкай галерэі Полацка, музеі Марка Шагала і мастацкім музеі г. Віцебска, у музеі Нінбурга (Германія), прыватных калекцыях Латвіі, Літвы, Расіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Ізраіля, Беларусі.
ЛІТАРАТУРА
1. Цыбульский, М. Л. Медведский Леонид Леонидович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 114.
2. Леанід Мядзвецкі // Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A Union of creators : фотаальбом / уклад. і аўт. тэксту М. Цыбульскі ; аўт. уступ. У. Андрэйчанка ; фат. В. Балоціна, М. Цыбульскага. — Мн. : Беларусь, 2005. — С. 96. — На беларус. і англ. мовах.
СПАСЫЛКІ
Живопись Леонида Медведского и графика Владимира Бузикова. Витебский центр современного искусства.