Біяграфія
Макляцова (Якаўлева) Таццяна Ігараўна (20.02.1966, г. Крамянчуг Палтаўскай вобл., Украіна), беларускі мастак. Скончыла Днепрапятроўскае мастацкае вучылішча ў 1985 годзе, у 1994 – Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. У 1997–2016 гг. з'яўлялася прадстаўніком Беларускага саюза дызайнераў. Член Беларускага саюза мастакоў (2016). Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў» (2019–2022 гг.). Жыве ў Віцебску.
Працавала мастаком-афарміцелем у рэкламна-мастацкай майстэрні Крамянчугскага гарвыканкама (1985–1987), мастаком па друку на савецка-італьянскім трыкатажным аб'яднанні ў г. Крамянчуг (1987–1989). З 1994 г. – выкладчык кафедры дызайну, дацэнт кафедры «Дызайн і мода» Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Таццяна Ігараўна аддае перавагу такім тэхнікам, як калаж, арт-аб'ект, мастацкі тэкстыль. Стварае габелены, выкананыя ў вольным аўтарскім стылі. Вялікая ўвага надаецца колеру: шырокая палітра, тонкія па малюнку манахромныя творы з танальнымі пераходамі дасягаюць вяршыняў сапраўднага прафесіяналізму.
З 1993 года Таццяна Ігараўна вядзе актыўную творчую дзейнасць, прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектах: «Abstract», «Глейна», «Пантон», «Пастулат» і інш. У 2012 годзе была ўдзельнікам Першай Мінскай трыенале сучаснага мастацтва. У 2016 годзе атрымала дыплом І ступені офіс-каардынатара сістэмы ААН за тэкстыльны праект «Вегетацыя» ў рамках III Беларускай трыенале ДПМ. У 2019 годзе Святлане Баранкоўскай і Таццяне Макляцовай за інсталяцыю «Белы шум» прысуджаны Гран-пры IV Беларускай трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 2021 годзе – трэцяе месца ў І трыенале канцэптуальнага мастацтва «Канцэпт-21». У 2022 годзе – першае месца ў IV трыенале тэкстыльнага мастацтва і сучаснага габелена ў намінацыі «Лепшы арт-аб'ект у інтэр'еры» (г. Масква, музей-запаведнік «Царыцына»).
Асноўныя выставачныя праекты апошніх гадоў: рэспубліканская выстава «Знакі і шыфры», выстава пад назвай «Віцебск 100+» Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў» у мінскім Палацы мастацтваў, перасоўная рэспубліканская выстава ВАА ГА «БСМ» «Фармат», мастацкі праект кафедры «Дызайн і мода» Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта «Тэкстыльны калейдаскоп». Пастаянна арганізоўвае канферэнцыі, круглыя сталы, публічныя абмеркаванні. Сярод работ: «Геаметрычная кампазіцыя», «Дрэва», «Знак», «Супрацьстаянне», «Таццянін дзень», «Шлях», «The Beatles».
Работы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі, Украіне, Расіі, Германіі.
CCЫЛКИ
Кафедра дизайна : Маклецова Татьяна Игоревна
Выставка витебской художницы Татьяны Маклецовой