Біяграфія
Гугнін Мікалай Аляксандравіч (28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія – 23.10.2022, г. Віцебск), беларускі мастацтвазнаўца, педагог, графік. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1970). Вучыўся ў І. Сталярова, Ф. Гумена. Выкладаў у ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат мастацтвазнаўства (1982), дацэнт, загадчык кафедры выяўленчага мастацтва (2001–2011). Даследаваў гісторыю і праблемы развіцця беларускай кніжнай графікі. Аўтар аднаго з раздзелаў у кнізе «Гісторыя беларускага мастацтва» (Т. 5, 1992). Член Беларускага саюза мастакоў (1991). Жыў у Віцебску.
У 1970 – пачатку 1990-х гг. аддаваў перавагу экслібрысу, тэхніцы лінагравюры. З сярэдзіны 1990-х больш актыўна працаваў у тэхніцы акварэлі і гуашы.
Сярод твораў: экслібрысы (больш за 70; 1966–89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы світанак» (1970), «Дарога на Лучосу» (1988), «Восень» (1994), «Ранні снег» (1996); творы гуашы «Вечар на Обалі» (2000), «Сакавіцкае сонца» (2005), «Зімовы вечар. Палата» (2007), «Цёплы вечар» (2008) і інш.
У творчасці пераважае традыцыйная рэалістычная вобразнасць, пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў.
Работы знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Гугнин Николай Александрович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 346.