Біяграфія
Драненка Мікалай Аляксеевіч (03.08.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.), беларускі мастак. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1969). Вучыўся ў І. Сталярова, Я. Красоўскага. У 1979–1982 гг. працаваў галоўным мастаком віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрняў. З'яўляўся старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў (2004). Член аб'яднання «Віцебская акварэль» (1995). Член Беларускага саюза мастакоў (1989). Жыве ў Віцебску.
Працуе ў станковым жывапісе, акварэлі, манатыпіі, шаўкаграфіі, эстампе, плакаце. Творам уласцівыя дынамічныя мадуляцыі рытму, экспрэсія колеру, эмацыянальная выразнасць вобраза. Асаблівую ўвагу надае эксперыменту, фармальна-маляўнічым элементам, свабоднаму выкарыстанню выяўленчых тэхнік.
Сярод твораў: тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984); пейзажы «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Віцебск» (1992), «Успамін пра Беліцу» (1995), «Зімовы вечар» (2005), «У Віцебску» (2006); нацюрморты «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), «Палявыя кветкі» (2002); серыя экслібрысаў (1972–2001); партрэты і інш.
Аўтар мастацкага рашэння больш за 30 каталогаў віцебскіх мастакоў, плакатаў выстаў і мастацкіх акцый.
Творы мастака знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, галерэі «Маладое мастацтва» (г. Шчэцін, Польшча).
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Драненко Николай Алексеевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 386.