Біяграфія
Іваноў Уладзімір Усцінавіч (25.04.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 06.09.210, г. Віцебск), беларускі акварэліст. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1971). Вучыўся ў Ф. Гумена, І. Сталярова. Дырэктар камбіната «Мастацтва» (1988–92). Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў (1995–2001). Удзельнік мастацкіх выстаў з 1980 г. Арганізатар і ўдзельнік пленэраў, прысвечаных памяці ураджэнцаў Віцебшчыны І. Хруцкага, К. Заранкі, П. Машэрава. Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве». Член Беларускага саюза мастакоў (1988). Жыў у Віцебску.
Працаваў пераважна ў акварэлі, у жанрах нацюрморта і пейзажа. Акварэлі адрозніваюцца эмацыянальнай выразнасцю, канкрэтнасцю ў перадачы настрою. Работам уласцівыя злучэнне канкрэтыкі натурнага вобраза з яго сімвалічнымі і рамантычнымі інтэрпрэтацыямі, мяккасць жывапісных рашэнняў.
Сярод асноўных твораў: пейзажы «Полацк – сведка стагоддзяў» (1980), «Раніца ў Браславе» (1987), «Беларуская святыня» (1995), «Браслаўшчына» (1996), «Сведка стагоддзяў» (1996), «Вулачка ў старым горадзе» (1996), «Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку» (1998), «Задзвінне» (2000), «Вясна» (2001); нацюрморты «Палявыя кветкі» (1992), «Сланечнікі» (2003), серыя «Кветкі» (2004–06) і інш.
Творы мастака знаходзяцца ў Полацкай карціннай галерэі, Віцебскім абласным мастацкім музеі.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Иванов Владимир Устинович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 460.