Біяграфія
Кавалёў Анатоль Фёдаравіч (10.05.1926, в. Даўгаполле Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. – 18.01.2015), беларускі мастак, педагог. Скончыў Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай у Ленінградзе (1958). Выкладчык у Віцебскім дзяржаўным педінстытуце (з 1963), дацэнт (1977), прафесар (1992). Кандыдат мастацтвазнаўства (1973). Загадваў кафедрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (1965–1976), малюнка і выяўленчага мастацтва (1977–1980). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Член Беларускага саюза мастакоў (1985). Жыў у Віцебску.
Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Даследваў тэорыю і практыку дызайну. Навуковую і вучэбна-метадычную дзейнасць спалучаў з творчасцю. Распрацаваў эмблему Ульянаўскага аўтазавода, шэраг юбілейных медалёў. Напісаў 3 кнігі (2 у суаўтарстве) і каля 60 артыкулаў па пытаннях выяўленчага мастацтва, дызайну і эстэтычнага выхавання.
Сярод твораў: тэматычныя кампазіцыі «З вогненнай вёскі» (1986), «Віцебская даўніна» (1995), «Люты 43-га ў в. Асхота Гарадоцкага раёна» (2003); партрэты «Бацька Мінай» (1979), «Камандзір партызанскай брыгады М. А. Сакмаркін» (1997), «Чао Лу – кітайскі студэнт» (2005); пейзажы «Рэпінскія мясціны на Дзвіне» (1972), «Бацькава хата» (1982), «Сядзіба Рэпіна ў Здраўнёве» (1991), «Позняя восень» (1955), «Кіраўскі мост у Віцебску» (2001), «Музей Масленікава ў Магілёве» (2003), «Вераснёўскі матыў у Лётцах» (2005); дэкаратыўныя медалі, прысвечаныя 20-годдзю вызвалення Віцебска (1964) і інш. Аўтар мазаікі на фасадзе кінатэатра «Радзіма» г. Гарадка (1967).
Творы мастака экспанаваліся на міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных мастацкіх выставах. Яго работы знаходзяцца ў Эрмітажы, Ульянаўскім мастацкім музеі, у Мастацкім музеі Мінска, у Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і інш.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Ковалев Анатолий Федорович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 497—498.
СПАСЫЛКІ
Соловьёва Н. «Судьба человека в Великой Отечественной войне»: репортаж с выставки