Біяграфія
Каржанеўскі Антон Станіслававіч (10.11.1910, м. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. – 19.04.1991, г. Віцебск). Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум (1932). Удзельнік мастацкіх выстаў з 1934 г. Член Беларускага саюза мастакоў (1945). Жыў у Віцебску.
Працаваў пераважна ў станковым жывапісе, у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творам уласцівыя лірычны характар вобразаў, яркая насычаная колеравая гама, выразная пластычная мадэліроўка аб'ёмаў, пленэрная непасрэднасць кампазіцыі.
Сярод работ: пейзажы «Сафійскі сабор у Полацку» (1955), «Кіраўскі мост» (1957), «Родны горад» (1960), «Наваполацкі гігант» (1963), «Вячэрні Віцебск» (1966), «Ветэрынарны інстытут» (1971), «Старажытны Віцебск» (1972), «Віцебск. Ленінскі праспект» (1972), «Бульвар на Плошчы Перамогі ў Віцебску» (1976), «Над Віцьбай» (1981), «Браслаў» (1984), «Віцебская прыстань» (1986), «Богаяўленскі сабор у Полацку» (1988); нацюрморты «Бэз» (1960), «Нацюрморт з апельсінам» (1980), «Півоні, яблыкі, кавуны» (1983) і інш.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, мэрыі г. Масквы.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Корженевский Антон Станиславович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 515.