Мастакі Віцебшчыны

Мастак – гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію.

Марк  Шагал

Віцебская абласная бібліятэка

імя У. І. Леніна

VLIB

Біяграфія

 

Кірылін Пётр Аляксеевіч (12.07.1954, г. Віцебск – ..08.2018, г. Віцебск), беларускі мастак. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1981). Вучыўся ў М. В. Раманоўскай, Я. У. Важынскага, В. А. Андросава, В. Р. Шаталава, В. Н. Вінаградава, І. М. Сталярова. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1980 года, першага пленэра «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць» (1994). Член Беларускага саюза мастакоў (1996). Жыў у Віцебску.

Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Творам уласцівыя выкарыстанне метафізічных вобразных канструкцый, сімвалаў, старанна распрацаваных абстрактных формаў і фігуратыўнасці рэальнага свету, складаная рытмічная арганізацыя кампазіцый, дэкаратыўнасць колеравага вырашэння. Мастак займаўся псіхалагічным канфігуратывізмам – мастацтвам візуальнага ўспрымання дысіпатыўных структур самаарганізавальнай матэрыі, што існуе незалежна ад чалавечай свядомасці, на аснове інтэнсіўнасці пачуццёвага ўспрымання і глыбіні пранікнення ў вобразы багатай разнастайнасці метафізічнага свету, што дазваляе аўтару, ствараючы непаўторныя і глыбока індывідуальныя творы, узбагачаць гэты свет новымі транскамунікатыўнымі сувязямі.

Асноўныя работы ў графіцы: «Восеньскі лексікон 1-4», «Крыніцы святла 1-4», «Нябесны пастушок», «Па той бок дабра і зла», «Аблокі», «Маці і сын», «Дабравешчанне», «Утаймавальнік ветру» (1998), «Геаметрычная кампазіцыя», «Блізняты», «Без гравітацыі», «URKALNE DRIVE 1-42», «Вечнасць» (1984), «Лэдзі Ястраб» (2000), кампазіцыі «Рыба» (1986), «Вобразы лесу» (1993), «Плады восені» (1995), «Дыялог са сфінксам» (1996), «Прадчуванне нараджэння» (1997), «Востраў кахання», «Інтуіцыя міфа» (1998), «Выспа загінуўшых караблёў» (1999), «Маска генія» (2000), «Радужнае святло» (2002), «Маўчанне» (2004), «Анёлы сусвету» (2007), «Дзяўчынка-кветка», «Дзяўчынка-магістр», «Дзяўчынка-матылёк» (2008); серыі работ «Поліс» (1983), «Антысветы» (1997) і інш.

Творы мастака знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску, ва УК «Музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва"» і многіх прыватных калекцыях блізкага і далёкага замежжа.

 

ЛІТАРАТУРА

Цыбульский, М. Л. Кирилин Петр Алексеевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2, кн. 1 : Витебская область. – С. 484.