Біяграфія
Магучы Валерый Уладзіміравіч (18.04.1959, в. Кавярдзякі Брэсцкага раёна), беларускі скульптар. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1988). Працуе ў манументальнай, станковай і паркавай скульптуры, медальерным мастацтве. Матэрыял – бронза, сілумін, бетон, дрэва. З 1984 года ўдзельнік выстаў. Член Беларускага саюза мастакоў (1995). Жыве ў Віцебску.
Аўтар помнікаў, што ўстаноўленыя ў г. Віцебску: Е. Лось (1991–96), М. Шагалу («Скрыпка Шагала», 1997), І. І. Салярцінскаму (2003), герба «Ісус Збавіцель» на гарадской ратушы (1997), кампазіцый «Гармонія» (1990) і «Прысвячэнне настаўніку» (2000–2002), рэльефа «Старажытны Віцебск» (1997), бюста заснавальніка віцебскага трамвая Ф. Піроцкага (1998), статуй «Асклепій» і «Гіпакрат» для медыцынскага ўніверсітэта (абедзве 1999). Сярод іншых твораў – станковыя кампазіцыі «Алегорыя агню» (2000), «Двое» (2006), мемарыяльныя знакі, прысвечаныя Віцебскай мастацкай школе (1999), 1-й гар. электрастанцыі (2005), медалі, прызы, Гран-пры міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2002), мемарыяльныя дошкі.
Творы знаходзяцца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і інш.
ЛІТАРАТУРА
1.Магучы Валерый // Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе = Современная белорусская скульптура. XXI век = Modern Belarusian Sculpture. XXI century / аўт. тэксту, склад., пер. на беларус. мову К. С. Аксёнава ; аўт. уступ. арт. Н. В. Шаранговіч. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўскі, 2012. — С. 196—199.
2.Цыбульский, М. Л. Могучий Валерий Владимирович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 142.
СПАСЫЛКІ