Біяграфія
Ляўковіч Міхаіл Васільевіч (09.03.1950, в. Язна, Мёрскага р-на Віцебскай вобл.), беларускі мастак. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1976). Вучыўся ў вядомых беларускіх мастакоў-педагогаў Л. Анцімонава, А. Арлова, а таксама ў Маскве ў народнага мастака СССР К. Максімава. З 1976 г. выкладае на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Член Беларускага саюза мастакоў (1995). Старшыня аб'яднання мастакоў-акварэлістаў «Віцебская акварэль» (1995–2011). Жыве ў Віцебску.
Сфера творчых інтарэсаў – акварэль і алейны жывапіс у жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта, тэматычнай кампазіцыі.
Сярод работ: маляўнічыя «На возеры Лосвіда» (1979), «Свята ў горадзе» (1990), «У Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры» (1994), «Адраджэнне» (1997), «Рагнедзе прысвячаецца» (2001), «Уладзімір Караткевіч. Праз вечнасць» (2001), серыі «Беларускае Прыдзвінне» (1984), «Афрыканскія сны» (2008); акварэлі «Гном» (2004), «Тодар Кляшторны. Па той бок дня» (2005), «Сцяна храма» (2007), «Начны матылёк» (2008), «Успамінаецца лета» (2009), «Перамога. Грунвальд» (2010) і інш.
Работы аўтара знаходзяцца ў музеі М. Шагала ў Віцебску, у Віцебскім мастацкім музеі, у Полацкай карціннай галерэі, у «Elkes-Galeri» і галерэі «Lust auf Kunst» у Германіі, а таксама ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, ЗША і інш.
ЛІТАРАТУРА
Цыбульский, М. Л. Левкович Михаил Васильевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 33.