Біяграфія
Цыбульскі Міхаіл Леанідавіч (10.07.1961, г. Віцебск), беларускі мастацтвазнавец, жывапісец і педагог. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1983), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1987), дактарантуру (2004). Кандыдат мастацтвазнаўства (1989), дацэнт (1992). З 1988 года працуе ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (цяпер Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава) старшым выкладчыкам (1990), дацэнтам кафедры мастацтваў (1992), загадчыкам кафедры мастацтваў (2004–2005), дацэнтам кафедры выяўленчага мастацтва (2005). Член Беларускага саюза мастакоў (1999).
Стварае кампазіцыі ў алейным і гуашавым жывапісе. Яго творам уласцівыя эмацыянальная выразнасць, рэалістычная трактоўка матываў і вобразаў, экспрэсіўная манера пісьма, насычаны каларыт.
Сярод работ: пейзажы «Сафія Полацкая» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1985), «Храм у Мазыры» (1999), «Падсвілле. Зімовы краявід» (2000), «Сцяжынкамі Драздовіча» (2000), «Мара аб сонечных днях» (2000), «Восень у парку» (2000), «Даўгаўпілс. Каля касцёла» (2000), «Вечар. Сядзіба Яна Райніса» (2000), «Узімку» (2001), «Могілкі ля храма» (2001), «Сакавіцкае сонца» (2001), «У лесе» (2001), «Апошнія промні сонца» (2002), «Двое ў начы» (2002), «Стары дворык» (2002), «Плошча перад ратушай» (2004), «Рамантычны матыў» (2004), «Храм» (2005), «Раніца» (2005), «Рыбацкія баркасы» (2009), «На ўскрайку вёскі» (2009), «На пленэры. Поўдзень» (2009); партрэтныя кампазіцыі «Баба Дуня» (1985), «Надзея» (1989), «Абарыген беларускай вёскі» (2000), «Аўтапартрэт» (2007); нацюрморты «Ружы» (1992), «Кераміка і кветкі» (1999), «Ружы і шкло» (1999), «Самотны настрой» (2000), «Дэкаратыўны нацюрморт» (1999), «Зайздрасць» (2003), «Нацюрморт на акне» (2005) і інш.
Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, пытанні паэтыкі і стылістыкі беларускага жывапісу ХХ стагоддзя. Адзін з суаўтараў шасцітомніка «Гісторыя беларускага мастацтва», аўтар значнай колькасці артыкулаў у шматтомным выданні «Беларуская энцыклапедыя», часопісах «Мастацтва», «Беларусь», «Народная асвета», «Маладосць», уступных артыкулаў да каталогаў, альбомаў пра віцебскіх мастакоў. Матэрыялы М. Цыбульскага друкаваліся ў навуковых выданнях Латвіі, Польшчы, Расіі, Германіі, Беларусі, перыёдыцы («Літаратура і мастацтва», «Культура», «Наша ніва», «Віцьбічы», «Вечерний Витебск») і інш.
У якасці куратара прымаў удзел у рэалізацыі групавых праектаў «Акварэльная сябрына», «Знакі часу», «Віцебскі вакзал», «Дыялогі мастацкіх школ», «Замак», «Была вайна», арганізацыі выстаў суполкі «Віцебская акварэль», індывідуальных выстаў шэрагу віцебскіх мастакоў.
ЛІТАРАТУРА
1. Цыбульский Михаил Леонидович // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 573.
2. Міхась Цыбульскі. У бязмежнай прасторы мастацтва : біябібліяграфічны паказальнік / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі ; склад. В. А. Дарафеева. – Віцебск, 2021. – 195 с. : іл.