Біяграфія
Шутаў Генадзь Фёдаравіч (18.07.1939, г. Запарожжа, Украіна – 03.06.2017, г. Віцебск), беларускі акварэліст, графік. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча (1959), Маскоўскі паліграфічны інстытут (1970). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996). Старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР (1976–1986). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986). Член Беларускага саюза мастакоў (1967).
Працаваў пераважна ў акварэлі, аддаючы перавагу нацюрмортам і краявідам. Раннія творы па характары рамантычныя, зарыентаваныя на натурна-канкрэтныя прыёмы акварэльнага пісьма: «Восень у вёсцы» (1956), «Хутка вясна» (1962), «Палявыя кветкі» (1963), «Цішыня» (1964), «Блакітнае змярканне» (1965), «Ветраны дзень» (1966), «Стары Віцебск» (1967), «Браслаўскія прасторы» (1968), «Вясна ў старым горадзе» (1969), «Клайпеда» (1970), «Каля сцен Старой Ладагі» (1971), «Змярканне» (1974); серыі «Беларускі нацюрморт» (1970), «Віцебск» (1972), «Шклозавод "Нёман"» (1973), «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод» (1972–75), «Мой горад» (1972–75), «Зямля беларуская» (1977), «Новабудоўлі Беларусі» (1978).
У канцы 1970-х вызначыліся іншыя мастацкія прыярытэты і своеасаблівая аўтарская манера жывапісу. Сярод асноўных работ: нацюрморты «Нацюрморт з вэнджанай рыбай» (1983), «Піжма» (1984), «Сланечнікі ў чорным збане» (1988), «Люпін і шкло» (1989), «Рыбы і ракавіны» (1991), «Зялёная лямпа» (1993), «Дзьмухаўцы» (1993), «Настурцыя ў гранёнай шклянцы» (1993), «Празрысты нацюрморт» (1994), «Сем лямпаў» (1994), «Гарлачыкі з возера Дашкава» (1995), «Маятнік» (1995), «На краі вечнасці» (1995), «Непатрэбныя ключы» (1998), «Забаўны букет» (2000), «Матулі прысвячаецца» (2000), «Праламленні. Паўлу Філонаву прысвячаецца» (трыпціх, 2001), «Згаслая лямпа Шагала» (2002), «Рэквіем цэрквам ХХ стагоддзя, што загінулі» (2006), «Размова з часам» (трыпціх, 2007); пейзажныя кампазіцыі «Пінск. Францысканскі касцёл» (1986), «Віцебск. Ратуша» (1991), «Глыбокае. Траецкі касцёл» (1992), «Сілуэт Шчэцына» (1992), «Віцебск 100 гадоў таму» (1995), «Выцягнутыя маўчаннем» (1996–97), серыі «Зялёна Гура» (1981), «Брэсцкая крэпасць» (1981), «Сілуэты Кіева» (1981), «Помнікі архітэктуры Віцебшчыны» (1986–87), «Дары зямлі беларускай» (1985–86), «Матэрыя мастацтваў» (1999), «Віцебскія панадворкі» (2003 ) і інш.
Акварэльным кампазіцыям уласцівыя філасафічнасць і сімвалічная знакавасць, канцэптуальнасць, спецыфічныя трансфармацыі прасторы і часу, маляўнічая і пластычная вытанчанасць формаў, рытмічная раўнавага, аўтарская стылістыка мастацкай мовы.
ЛІТАРАТУРА
1. Цыбульский, М. Л. Шутов Геннадий Федорович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. – С. 619.
2. Шутаў Генадзь Фёдаравіч // Беларускі саюз мастакоў : 1938–1998 : энцыкл. даведнік / аўт.-склад. Б. А. Крэпак [і інш.]. – Мінск : ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. – С. 623. – На беларус. і англ. мовах.
3. Генадзь Шутаў// Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A Union of creators : фотаальбом / уклад. і аўт. тэксту М. Цыбульскі ; аўт. уступ. У. Андрэйчанка ; фат. В. Балоціна, М. Цыбульскага. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 139. – На беларус. і англ. мовах.