Біяграфія
Жыгур Андрэй Андрэевіч (28.06.1983, г. Віцебск), беларускі мастак, мастацтвазнавец. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва» (2005), магістратуру па спецыяльнасці «Тэорыя і гісторыя мастацтваў» (ВДУ імя П. М. Машэрава, 2006), аспірантуру (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, г. Мінск, 2010). З 2003 года актыўна займаецца навукова-даследчай работай па мастацтвазнаўстве і методыцы выкладання выяўленчага мастацтва. З'яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый. З 2005 года занесены ў банк дадзеных адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь. Атрымаў Прэзідэнцкую прэмію па выніках конкурсу навуковых работ маладых вучоных Рэспублікі Беларусь за працу «Tэатральны плакат Беларусі». Член Беларускага саюза мастакоў і секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў (2011).Жыве ў Віцебску.
З 2006 года працуе мастаком па рэкламе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа. У якасці мастака-пастаноўшчыка выканаў наступныя работы: сцэнаграфія, касцюмы, відэарад да спектакля «Леанарда?» Эвальда Флізара (пастаноўка Аляксандра Марчанкі); сцэнаграфія да спектакля «In-side-Out» (эксперымент па п'есе Энда Уолша «Дублін, які засмоктвае цябе» ў пастаноўцы Таццяны Навумавай (Германія)); сцэнаграфія, касцюмы, відэарад да спектакля «Пахавайце мяне за плінтусам» Паўла Санаева (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Валерыя Анісенкі); сцэнаграфія і касцюмы да спектакля «Гэта ўсё яна» Андрэя Іванова (пастаноўка Аляксандра Марчанкі); у рамках тэатральнай лабараторыі «Telpa Daugavpils» створана сцэнаграфія да спектакля «Крыкі чаек» Андрэя Іванова. Выдадзены аўтарскія тэатральныя плакаты да спектакляў з рэпертуару НАДТ імя Я. Коласа («Дадому», «Ветрагоны», «Кракаўскі студэнт», «Макбет», «Пахавайце мяне за плінтусам», «Ліфт», «Рамэа і Джульета», «Гэта ўсё яна», «Што баліць», «Я вольны!», «Дажыць да прэм'еры» і інш.). Апублікаваныя яго работы пра тэатральны плакат, гісторыю сцэнаграфіі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, артыкулы аб творчасці віцебскіх мастакоў. У 2015 годзе А. Жыгуру ўручана Ганаровая грамата Беларускага фонду культуры.
CСЫЛКИ
Выставка А. Жигур. Живопись. "Где-то рядом..."