Біяграфія
Баранкоўская Святлана Аляксандраўна (08.02.1965, г. Людзінава Калужскай вобл., Расія), беларуская мастачка. Скончыла Віцебскі тэхналагічны тэхнікум (1984), факультэт мастацкага праектавання вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (1997). Член Беларускага саюза дызайнераў (2000). Член Беларускага саюза мастакоў (2003). Жыве ў Віцебску.
Працуе пераважна ў мастацкім тэкстылі, у галіне ручнога гладкага ткацтва, стварае сцэнічныя касцюмы, піша кампазіцыі ў тэхніцы алейнага жывапісу.
Цэнтральнае месца ў творчасці займаюць тэмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі, паданнямі, легендамі, фальклорам, этнаграфічнай спадчынай народа, увасабленнем вобразаў вядомых гістарычных асоб і нашых сучаснікаў.
Тэкстыльныя кампазіцыі вызначаюцца эксперыментальным характарам, вытанчанасцю і выразнасцю каляровага і пластычнага рашэння, спалучэннем дэкаратыўнасці і трохвымернасці, знакавым характарам вобразаў, лаканічнасцю і мінімалізмам выкарыстання выяўленчых сродкаў.
Сярод работ: тэкстыльныя кампазіцыі «Сонца ў шкле» (1998), «Берагіня» (2002), «Жыцень» (2004), «Маці Боская Вострабрамская» (2005), «Сасновы бор на гары Рагнеды» (2010); серыі работ «Спрадвечнае» (1999), «Альгердавым шляхам» (2002), «У мяне было жыццё ...» (2004); партрэты В. Быкава (2008), Р. Барадуліна (2007), Я. Купалы (2008–09), Я. Драздовіча (2008–09).
У жывапісе дамінуюць фігуратыўнасць, рэалістычная канкрэтнасць адлюстраванага матыву, эмацыянальная выразнасць вобраза. Цэнтральнае месца належыць пейзажным кампазіцыям: «Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор» (2007), «Касцёл Святога Антонія» (2007), «Селішчанскі касцёл Святой Веранікі» (2006), «Друйскі касцёл» (2008), «Сядзіба Плятэраў у Опсе» (2009) і нацюрмортам.
Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Ізраіля, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, цэнтры імя Язэпа Драздовіча.
ЛІТАРАТУРА
1.Святлана Баранкоўская // Саюз творцаў [Выяўленчы матэрыял] = A Union of creators : фотаальбом / уклад. і аўт. тэксту М. Цыбульскі ; аўт. уступ. У. Андрэйчанка ; фат. В. Балоціна, М. Цыбульскага. – Мн. : Беларусь, 2005. – С. 21. – На беларус. і англ. мовах.
2.Цыбульский, М. Л. Баранковская Светлана Александровна / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. – С. 32–33.