Біяграфія
Глебаў Аляксандр Міхайлавіч (11.04.1955, г. Гродна – 13.07.2008, г. Віцебск), беларускі фотамастак. Спецыяльнай адукацыі не атрымаў. У Віцебску жыў з 1961 г.
Працаваў у жанрах «ню», «арт-партрэта», фатаграфаваў гарадскія сюжэты, займаўся рэкламнай фатаграфіяй.
Сярод твораў: «Як весела ўдваіх» (1974), «Экстаз» (1976), «Атэлье» (1976), «Прытча пра ганарлівую прыгажуню» (1977), «Партрэт «Ля вакна» (1987), «Дзяўчына ў белым» (1987), «Шагалаўскі матыў» (2000), «Пакінутая нявеста» (2000), «Нявіннасць» (2000), серыі «Лета ў Пальмінцы» (пач. 1980-х), фотаздымкі, прысвечаныя старому Віцебску (1978–2006 ).
Работам мастака ўласцівыя плаўнасць, мяккасць контураў і сілуэтаў, прасторавая лёгкасць пластычна эфектных формаў. Важная роля ў пабудове вобраза ў партрэтах і кампазіцыях належыць кантрастам і супастаўленням, аксесуарам мадэляў.
А. Глебаў – прызёр шэрагу міжнародных конкурсаў фатаграфіі: VII Міжнароднага салона фатаграфіі «Venus» (Кракаў, Польшча), пражскага часопіса «Photo revue», конкурсу «INTERNATIONALER ZEISS-PRAKTICA (FOTOWETTBEWERS)» (1987), фотаконкурсу «FOTOKONKURS NSVL GO СССР» (Талін, Эстонія), уладальнік двух прызоў часопіса «Аўтапілот» (1997).
Актыўна супрацоўнічаў з фотаагенцтвамі «Трансглоб» (Гамбург, Германія), часопісамі «Савецкае фота» (СССР), «Pani», «Kobieta», «Cats», «Sukces», «Playboy» (Польшча), дзе публікаваліся яго фатаграфіі ў 1980—1990-я гг.
ЛІТАРАТУРА
1. Цыбульский, М. Л. Глебов Александр Михайлович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 302.