Мастакі Віцебшчыны

Мастак – гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію.

Марк  Шагал

Віцебская абласная бібліятэка

імя У. І. Леніна

VLIB

Біяграфія

 

Бабаедаў Іван Цімафеевіч (28.02.1925, в. Бобіна Бешанковіцкага р-на – 28.02.2002, г. п. Бешанковічы), беларускі мастак. Скончыў Сімферопальскае мастацкае вучылішча імя М. С. Самокіша (1946–1948), Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1952), мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1976). Вучыўся ў І. Сталярова, Ф. Гумена. Выкладаў малюнак і жывапіс у Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы (1952–53), працаваў афарміцелем у мастацкай майстэрні г. п. Бешанковічы (з 1968). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў у складзе 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі (1944–1945 гг.). Узнагароджаны двума баявымі ордэнамі і медалём «За адвагу». Член Саюза мастакоў СССР (1981). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў (2002).

Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Асноўнае месца ў творчасці належыць лірычным пейзажам, што намаляваныя з натуры, сярод якіх: «Сонечны дзень у лютым» (1950), «Зелянее вярба ў агародзе», «Пачатак мая» (1954), «Вечар на балоце» (1957), «Апошні снег у вёсцы Бабаедава» (1982), «Вячэрні лес» (1988), «Пахмурны лес», «Лес над ракой», «Леснічоўка», «Сасна» (усе 1989), «Восень у вёсцы», «Асеннія бярозы» (абедзве 1994), «Квітнеючыя грушы», «Лес» (абедзве 1998) і інш. Маляваў абразы для царквы, што ў в. Бабаедава Бешанковіцкага р-на («Апосталы Пётр і Павел», «Ілля прарок» (1954–57 гг.) і інш. Жывапісныя палотны мастака вызначаюцца рэалістычнай манерай выканання, камернасцю, пластычнай стрыманасцю, эмацыянальнай выразнасцю вобраза.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Цыбульский, М. Л. Бобоедов Иван Тимофеевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 71.