Біяграфія
Бабаедаў Іван Цімафеевіч (28.02.1925, в. Бобіна Бешанковіцкага р-на – 28.02.2002, г. п. Бешанковічы), беларускі мастак. Скончыў Сімферопальскае мастацкае вучылішча імя М. С. Самокіша (1946–1948), Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1952), мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1976). Вучыўся ў І. Сталярова, Ф. Гумена. Выкладаў малюнак і жывапіс у Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы (1952–53), працаваў афарміцелем у мастацкай майстэрні г. п. Бешанковічы (з 1968). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў у складзе 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі (1944–1945 гг.). Узнагароджаны двума баявымі ордэнамі і медалём «За адвагу». Член Саюза мастакоў СССР (1981). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў (2002).
Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Асноўнае месца ў творчасці належыць лірычным пейзажам, што намаляваныя з натуры, сярод якіх: «Сонечны дзень у лютым» (1950), «Зелянее вярба ў агародзе», «Пачатак мая» (1954), «Вечар на балоце» (1957), «Апошні снег у вёсцы Бабаедава» (1982), «Вячэрні лес» (1988), «Пахмурны лес», «Лес над ракой», «Леснічоўка», «Сасна» (усе 1989), «Восень у вёсцы», «Асеннія бярозы» (абедзве 1994), «Квітнеючыя грушы», «Лес» (абедзве 1998) і інш. Маляваў абразы для царквы, што ў в. Бабаедава Бешанковіцкага р-на («Апосталы Пётр і Павел», «Ілля прарок» (1954–57 гг.) і інш. Жывапісныя палотны мастака вызначаюцца рэалістычнай манерай выканання, камернасцю, пластычнай стрыманасцю, эмацыянальнай выразнасцю вобраза.
ЛІТАРАТУРА
1. Цыбульский, М. Л. Бобоедов Иван Тимофеевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 71.