Мастакі Віцебшчыны

Мастак – гэта маг, вялікае сэрца. Ён здабывае прыгажосць, адшуквае свежасць ва ўсім, падпарадкоўвае сабе стыхію.

Марк  Шагал

Віцебская абласная бібліятэка

імя У. І. Леніна

VLIB

Біяграфія

 

Лісіца Тамара Паўлаўна (12.10.1956, в. Прыбыткі Гомельскага р-на, Гомельскай вобл.), беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1977), Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1989). Выкладае ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў (з 2004 г.). Член Беларускага саюза мастакоў (1999).

Пераважная сфера творчых інтарэсаў – мастацкі тэкстыль, выкананы ў тэхніцы ручнога ткацтва. У пейзажах Тамары Лісіцы прасочваецца класічны напрамак сучаснага мастацтва габелена. Ураўнаважанасць кампазіцый, стрыманасць срэбна-блакітнага з вохрыста-карычняватымі акцэнтамі каларыту, пастаральнасць інтанацый і дакладна знойдзеная мера перапляцення рэальнага пейзажу і яго стылізацыі ў матэрыяле надаюць звычайным матывам узвышанае, прыўзнята-рамантычнае гучанне. Яе кампазіцыі – удалы прыклад сучаснай інтэрпрэтацыі стылю і духу традыцыйнай шпалеры.

Сярод асноўных твораў: габелены «Зімовы вечар (1999), «Сакавік» (1999), «Красаванне» (1999), «Вёсачка» (2000), «Зімовы дзень» (2001), «Ружовы захад» (2001); трыпціхі «Экалогія» (1998), «Гарачае лета» (1999), «Апошні матылёк лета» (2000) і інш.

 

ЛІТАРАТУРА

Цыбульский, М. Л. Лисица Тамара Павловна / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 71.